Таццяна Яцук

Пашка

 

Дзяўчаты ад яго ўсмешкі млелі,
І кожная ўздыхала ўпотай,
Ды адгушкалі светлыя арэлі:
Ваенкамат, камісія і … боты.

Ён не хаваўся па задворках вёскі,
Не выбіраў сабе бясхмарны стан.
Недаравальнай явы адгалоскі…
Як прыгавор: “Служы. Афганістан.”

І ён служыў сумленна і аддана
На той зямлі, што смерць нясла і слёзы.
Як падарунак кожны новы ранак
Сярод пустыні і суровай прозы.