Магіла байца

 

На беразе Сожа, ля роднае хаты, —
Курган невысокі —
Магіла салдата.
Бярозавым лісцем магіла заслана,
Ляжыць у магіле баец пахаваны.
I сосны, і травы над рэчкаю чулі,
Як хлопца скасілі
Нямецкія кулі.
Ён біўся геройскі, ды выпала пасці
У першае лета варожай напасці.
Гудзелі на Сожы трывожныя хвалі,
Салдаты магілу сябра засыпалі...
I грудзі прыкрылі яму рутай-мятай,
Каб снілася вечна бацькоўская хата.
Як сына прымала, —
Зямля застагнала.
Паўзлі незлічоныя чорныя сілы,
Салдаты пакінулі з боем магілу.
Нялёгка адходзіць байцам давялося...
На край апусцілася хмурая восень:
Вятры бушавалі,
Шумелі асокі,
Стаяў пад вятрамі курган адзінокі.
Па Сожу журботныя хвалі хадзілі,
Па долі салдацкай яны галасілі,
Таварышы ж воіна
Гэтай парою
Стаялі насмерць пад сталіцай Масквою,
Аднойчы з вячэрняю яснай заранкай
Прыйшла на магілу сястра-партызанка.
Пад шэпат бярозы
Пасеяла слёзы.
Як глянуў на слёзы празрыстыя месяц,
Пайшла партызанка сцяжынкаю ў лесе...
Ізноў засталася магіла панурай,
Мятлюгі кружылі,
Стагналі віхуры,
I вёсны ішлі, ды з вадой ледзяною,
I жоўты пясок не займаўся травою.
Калі ж узыходзілі травы, дык вялі,
Бо чорныя хмары святло закрывалі;
Яліны гудзелі
Маркотна-маркотна,
Стаяла магіла салдата самотнай.
Ды памяць пра друга не можа памерці.
I помнілі друга салдацкія сэрцы:
Запаў ім у душы
Глыбока-глыбока
На беразе Сожа курган невысокі.
I кожны з іх мужна прабіцца імкнуўся
Хутчэй да палоннай зямлі Беларусі.
Чым бліжай там чуліся іхнія крокі,
Тым больш узнімалася сонца высока,
Тым больш ажыўляўся курган адзінокі.
Калі ж ім нарэшце спаткаць давялося
На беразе Сожа
Прыгожую восень, —
Кляновае лісце шляхі залаціла, —
Салдаты прыйшлі да сяброўскай магілы,
Яны пакланіліся,
Скінулі каскі.
Шумелі ля берага хвалі ласкава,
Раслі на кургане зялёныя травы,
Цвілі на кургане чырвоныя краскі,
На іх калыхаліся цёмныя росы,
I кветкі не вялі на раннім марозе...
I воінаў храбрых ўсё гэта здзівіла:
Якая ў зямлі
Незвычайная сіла?
I так не дазналі тым радасным ранкам,
Што выраслі кветкі са слёз партызанкі.