Мінск

 

Паміж пажарышчамі знішчаны сад,
Сем трупаў схілілі галовы на голлі...
Мне гэтага здымка,
Што вытварыў кат,
Відаць, пры жыцці не забыцца ніколі.
Разбітыя трубы, як здані, стаяць,
І хмары над імі
Спусціліся нізка...
Балюча дазнацца, што гэта твая
Любімая вуліца горада Мінска.
Балюча.
Я знаю пакутных сяброў,
На вуліцы гэтай страчалі мы радасць;
Як быццам учора я з імі ішоў
I ў майскія дні,
І ў дні лістапада;
А сцягі ўзляталі вышэй галавы,
А гоман і жарты,
А песні няспынна!..
Мне ў памяці горад вясёлы, жывы,
Без бомбаў,
Без ран і без чорных руінаў.
Праходжу над Свіслаччу ціхай масты,
Гляджу, усхвалёваны промнямі ранку,
Як яблыні ў белым на беразе тым
Разбегліся строем на ўсю Серабранку.
Я цвет іх збіраю для новых радкоў,
Каб вершы аздобіць, дзе трэба, да ладу.
Іду між трамвайных званкоў,
Між гудкоў
Да Ленінскай плошчы,
Да Дома ўраду.
Вось новый будынак,
Яшчэ... і яшчэ...
А вось на вачах устае камяніца.
Мне радасна бачыць, як буйна расце
Штодня беларуская наша сталіца.
Пустыр...
А пабачыш — квартал там узнік,
І горад штораз устае прыгажэйшы;
Там цэглу за цэглай лажыў будаўнік,
І слова за словам
Складалі мы ў вершы.
Я рады.
Я з горадам разам жыву.
Мне ёсць чым хваліцца
І чым захапляцца:
Савецкая вуліца —
Шлях на Маскву, —
Тэатры і клубы, кіно і палацы.
У Доме Чырвонае Арміі МХАТ, —
Ён шчыра прыняў ад мінчан запрашэнне.
Стой, памяць!
Было гэта даўна, назад
Гады два мінула з таго ўжо напэўне.
Цяпер-жа —
Дарогі па розных франтах,
Шляхі баравыя і сцежкі на полі,
I здымак, што цяжка трымаць у руках.
І помста, што сэрца сціскае да болю.
Выходзіў я з Мінска,
Калі ён гарэў...
Здавалася, сам ты дашчэнту згараеш.
I чорныя пальцы абвугленых дрэў
У твар мне крычалі:
„Нашто пакідаеш?"...
Ішоў я, бяздомны,
Ад бомбаў, ад куль
Праз рэкі, балоты,
Па грэблях і кладках...
Адно, што ў дарогу я вынес адтуль, —
Дык гэта ўспаміны і сынаву картку.
А ўсё засталося:
I пройдзены шлях,
І горад з прасцёртымі ў дыме рукамі,
I ты, засмучоная наша зямля,
Аблітая ў ростані буйна слязамі.
Мы йшлі
I не чулі натруджаных ног,
I неслі журботу з нянавісцю разам,
I там, ля разбітых вайною дарог,
На некалькі год пастарэлі адразу.
Няма мне спакою.
І нават праз coн
Мне помніцца горад у смутку вялікім,
І чорныя плямы аслепшых акон,
І плошчы, распятыя жудасным крыкам..
Ды ведаю,
Веру, што блізка той дзень,
Калі мы збяромся у горадзе нашым,
Прыберам каменні з разбураных сцен
І кветкі пасадзім на могілках паўшых.
Мы чуем свой горад —
Там люты уціск.
Мы шлём табе, горад, жаданыя весці:
Ты родзішся зноўку, абуджаны Мінск,
Устаўшы з нябыту і чорнае смерці.