Над безыменнай магілай

 

Таямніцай мясціна ахутана.
Скрозь сунічнік
І зарасць ажын,
Ды туга з камянёў
Пяцікутная
На пагорку магільнай імшы.

Бацяны – па буслянках
Над хатамі.
Гнёзды ў касках галубкі звілі.
А к салдату
Пад сінімі шатамі
Аж дагэтуль сваі не прыйшлі.

Нават сосны не знаюць высокія,
Хто ў цішы сіратлівае
Спіць,
Хто тут злёг
Пад грамамі далёкімі
У крывавую россып
Суніц...

Не спяваць яму
Песні родныя
І не бачыць зіхоткіх зор...
Толькі ветры скуголяць залётныя
Ды галосіць гаротна бор.

Пабрацімы
Дарогамі новымі
Не вярнуліся ў край дарагі,
Пэўна, дрэвы калышуць галовамі
Над капцамі
І іхніх магіл?..

І па свеце гібеюць,
Маркотныя,
Без граніту,
Без матчыных слёз
З палынамі пагоркі самотныя
Ля пахілых сіроцкіх бяроз.