Ноч. Халодная зямлянка...

 

Ноч. Халодная зямлянка.
Перастрэлка. Цішыня.
Неба чыстае, як шклянка.
Тупат быстрага каня.
Мы пазналі без памылкі,
Што пад сховай цемнаты
Нам даставілі пасылкі,
Тэлеграмы і лісты.

Хто ад маці, хто ад жонкі —
Кожны вестку атрымаў.
Толькі мне з маёй старонкі
Ні пасылкі, ні пісьма.
Раптам бачу — мне са скрынкі
Паштавік дастаў кісет,
Дзве квадратныя хусцінкі
I малюсенькі пакет.

Вышываны там, дзе горы,
На святой зямлі грузін,
Каб ты ведаў, што і ў горы
Ты на свеце не адзін.
Я прыняў дарунак мілы
Перад боем, уначы.
I да самае магілы
Буду шчыра берагчы.

Не пасылка дарагая,
А братэрская любоў.
Наша дружба векавая.
Дружба верная сяброў.