Перамога

 

Векі заплюшчыш — напружаны сон
Грудзі раскроіць, як плугам барозны.
Нешта набухне, як боль і як сон,
Нешта заплача наўзрыд і бясслёзна.

Заўтра з заплаканых шыбінак-мар
Сінім рассветам прасочыцца ранак.
Зваліць з грудзей набалелы цяжар
Сцюжай рукою сціскаючы раны.

Устань і ў сцюдзёным жалезе пабач
Новыя вартасці слова жывога!
І зразумееш душой — Барацьба.
І зразумееш душой — Перамога.