Мы

 

Ачэзніце, старэчыя тамы
Бяспомнага міфічнага пісання.
На папялішчы уваскрэслі мы,
Каб свету даць спатольнае дыханне.

На прысаку ахвярнае жуды
У гуле еўрапейскай кананады
Шукайце нашы першыя сляды
I нашы мройна-сінія пагляды.

На ўсіх прывалах лютае вайны,
У прыпары і скрыгаце метала,
Глядзелі мы ў знявечаныя сны,
Трызненне намі кожнае світала.

I вось: на адваёванай зямлі,
Нібы бінты на раны франтавыя,
Наяве нашы вочы ажылі.
Ды ўсё-такі...
Ці тыя мы, ці тыя?

Наш дух круты ў застою дні зачах,
Метал душы успудзіў нашы ногі.
Няўжо аднойчы выстыне ў вачах
Святы Агонь Вялікай Перамогі?!

Б'юць розгаласам новыя грамы,
Вяршыні веку — гордыя, крутыя.
Ўваскрэсне дух наш.
Верце: гэта мы!
На ўсіх шляхах сваёй Айчыны —
Тыя!

Іншыя вершы аўтара