Сэрца

 

Сэрца маё, між вятроў чатырох
Ты на зямлі не астыла.
Горача дыхае памяць эпох,
Б'ецца спатольная сіла.

Густа круцілі вятры па вясне
Прысак Хатыні сірочы.
Прысакам біла памяць па мне,
Толькі не засціла вочы.

Тут, на зямлі, дзе зрасела сляза,
Дзе нагулялася зброя,
Сэрца, ці ж ты па вастрэчы ляза
Скоцішся
нежывое?

Нам не забеляць чырвоную кроў
Тыя, што збіліся ў зграю.
Вечна пагрозная ружа вятроў
У беларускага краю.

Ружа вятроў любай зямлі!
Ядзерны свет, неспакойны.
Сэрца, ты помніш: сюдою ішлі
Ўсе крыжаносныя войны.

Б'юцца крылата аб холад муроў
Ветры. I смерч — не адпеты.
Сёння пагрозная ружа вятроў
Нашай зялёнай планеты.

Дыхае ветрам зямны небасхіл,
Круцячы ядзерны попел.
Выстаяць, сэрца, хапіла нам сіл,
Веру, і свету іх хопіць.

Горача дыхае памяць эпох,
Б'ецца спатольная сіла.
Сэрца маё, між вятроў чатырох
Ты на зямлі не астыла.

Іншыя вершы аўтара